ЗБО́ЖЖАВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць пераважна на збожжа — асн. прадукт харчавання чалавека. корм для жывёл і сыравіна для многіх галін прам-сці. З.к. падзяляюць на зерневыя, у т.л. крупяныя культуры (найб. пашыраны пшаніца, рыс, жыта, кукуруза, ячмень, авёс, проса, сорга, грэчка, а таксама чуміза, магар, пайза, дагуса і інш.) і бабовыя (зернебабовыя) культуры. Займаюць амаль палову ўсіх пасяўных плошчаў свету і вырошчваюцца практычна на ўсіх кантынентах. На Беларусі пад З.к. занята каля 3 млн. га, яны даюць ⅓ таварнай прадукцыі раслінаводства. З хлебных злакавых культур найб. плошчы займаюць жыта і ячмень, вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, кукурузу (у паўд. раёнах), грэчку і проса, зернебабовыя культуры. Зерне хлебных злакаў высокапажыўнае, мае 60—80% вугляводаў, 7—20% бялкоў, 2—5% тлушчу. ферменты, вітаміны і інш., зерне бабовых — багатае бялком.
т. 7, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)